КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).
В.К.Шчэрбін.
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)